Квасоўка
Н.К.,
настаўніца
беларускай мовы і літаратуры першай катэгорыі
Гродзенскай
гарадской гімназіі
Тэма ўрока: Зварот да беларускай
міфалогіі і фальклору ў апавяданні Яна Баршчэўскага “Белая Сарока”
Клас: 9 клас.
Месца ўрока ў межах
праграмы, тэмы: першы ўрок па творчасці Яна
Баршчэўскага , трэці ўрок у рамках раздзела “Рамантызм як вядучы літаратурны
напрамак”.
Мэты: пазнаёміць са звесткамі пра жыццёвы шлях Яна Баршчэўскага; высветліць
якасць засваення вучнямі зместу апавядання
Яна Баршчэўскага “Белая Сарока”, засяродзіць увагу вучняў на ролі
беларускай міфалогіі і фальклору ў апавяданні.
Задачы: стварыць умовы для разумення ідэйнага сэнсу апавядання, паказаць хараство
духоўнага свету чалавека, які трымаецца сваіх традыцый і звычаяў;
прааналізаваць ролю традыцый і звычаяў у жыцці беларусаў; паглыбіць веды вучняў
пра беларускі фальклор і міфалогію; раскрыць сутнасць і значэнне міфалагічных
істот, з’яў, прадметаў, жывёл, што сустракаюцца ў творы; развіваць уменне
аналізаваць мастацкі твор; выхоўваць любоў да Радзімы, да нацыянальнай
культуры.
Тып урока: камбінаваны ўрок.
Абсталяванне: вучэбны дапаможнік для IX класа,
мультымедыйная прэзентацыя, зборнікі з
тэкстамі апавядання Яна Баршчэўскага
“Белая Сарока”.
Ход
урока
I. Арганізацыйны момант.
II. Праверка дамашняга задання. ( знаёмства з
паведамленнем вучняў на тэму: “Літаратура і фальклор”)
III. Пастаноўка мэты і
актуалізацыя ведаў
(аналіз слайдаў прэзентацыі і сістэматызацыя ведаў пра
жыццёвы лёс Яна Баршчэўскага ).
IV.
Тлумачэнне новага матэрыялу.
Настаўнік:
- Чытаючы творы
Яна Баршчэўскага, мы спасцігаем сваю гісторыю, светапогляд беларуса 1-й
паловы XIX ст., саміх сябе. Як бачым,
аўтар для саёй творчасці ўзяў не збор асобных тэкстаў – легендаў, паданняў, песняў,
а ўсю вусна-паэтычную культуру народа – фальклор. Ён разумеў, што якраз у
фальклоры, у першапачатковай чысціні захаваліся спрадвечныя ісціны, тое
разуменне дабра і зла, якое характэрна для беларускага народа.
У 1834 г . царскім указам была
забаронена назва “Беларусь”, усе школы пераведзены на рускую мову. Ян
Баршчэўскі змяшчае гэты тэрмін на тытульным аркушы сваёй кнігі. Беларусь для
яго існуе толькі ў марах, уяўленнях, “фантастычных апавяданнях”, але яна ўжо
ёсць, яна ўжо існуе.
Пісьменнік
сваім творам сцвярджае, што народ, які стварыў такую высокамастацкую, паэтычную
культуру заслугоўвае іншых адносін да сябе.
V.
Замацаванне новага матэрыялу. Работа з тэкстам.
а)
Эпіграф:
І
… паглядаючы на тэатр вялікага свету,
чытаю
кнігу, што часам смешыць,
часам
прымушае ліць слёзы,
і
гэта кніга – кніга чалавечых сэрцаў і характараў.
Ян Баршчэўскі
Настаўнік:
- Сёння на ўроку
мы пазнаёмімся з некаторымі героямі гэтай кнігі жыцця Яна Баршчэўскага, калі
будзем аналізаваць апавяданне “Белая Сарока”.
-
Якія думкі і пачуцці ўзніклі ў вас пасля прачытання твора? Што найбольш
уразіла?
ШТО?
ДЗЕ? КАЛІ?
Настаўнік:
-
Дзе, каля якога возера, знаходзіўся маёнтак, у якім жыў пан? (каля возера
Язна).
- Хто з’яўляюцца галоўнымі героямі
твора? (
пан Скамароха, Белая Сарока).
-
Хто неадступна быў радам з панам? ( вялізны чорны сабака).
- Хто такая Белая Сарока? (мацнейшая за
ўсіх чарнакніжнікаў чараўніца).
- Што рабіў пан, каб паклікаць
лёкаяў? (свісцеў).
- Што ахвяравала пану ў падарунак Белая
Сарока?
( велізарны мех золата).
- Калі Белая Сарока з’яўлялася ў
пакоі пана? ( апоўначы).
-
Як звалі апавядальніка, які расказаў пра
Белую Сароку? (Якуш).
- Хто такія ваўкалакі? (гэта людзі,
перавернутыя ў ваўкоў).
- А цяпер праверце свае адказы і
падыміце рукі тыя, хто правільна адказаў на ўсе пытанні.
- Звернемся
да некаторых міфалагічных істот, з’яў, прадметаў, жывёл, што выкарыстоўваюцца ў
творы, і даведаемся пра народныя ўяўленні, звязаныя з імі (аналіз слайдаў ).
Чорны сабака. Згодна старажытным
народным павер’ям, гэтая істота лічылася абаронцам чалавека ад злога духа,
нячысціка. Але ў Яна Баршчэўскага чорны сабака пана Скамарохі дзіўным чынам
засынае і не можа перашкодзіць пасланцу Белай Сарокі. Магчыма, аўтар хоча
падкрэсліць, што які гаспадар, такі і сабака. Скамароха ўнутрана гатовы
звязацца з нячыстай сілай, таму і сабака яго спіць і не рэагуе на з’яўленне
злога духа.
Акно. У народзе лічылася, што акно –
небяспечнае месца ў доме. Таму, каб у хату не трапілі нячысцікі, вокны нанач
хрысцілі, напярэдадні свята Вадохрышча над імі з надворку малявалі крыжы. У
апавяданні менавіта так, праз акно, пранікаюць у пакой Скамарохі пасланец і
сама Белая Сарока. Гэта сведчыць, што гаспадар дома даўно ўжо адышоў ад
народных традыцый засцярогі ад нячыстай сілы.
Белая Сарока. Найбольш складаны вобраз
у апавяданні. І колер, і сама птушка ўяўляліся як сімвалы процілеглых сіл. У
апавяданні Баршчэўскага абодва элементы ўжыты з адмоўным значэннем. Белы колер
тут сімвалізуе замагільны свет, пустату, смерць, а па народных павер’ях у
сароку можа ператварыцца ведзьма. Сама птушка ў прыродзе плямістая, рабая ( у
павер’ях – адзнака нячыстай сілы ). Таму і пераапранаецца яна ў цалкам белыя
пёры, хоча быць прывабнай. Нездарма пан Скамароха так захапляецца птушыным
выглядам госці і чалавечым абліччам злой чараўніцы.
Бліскавіцы і перуны. У беларускай мове
гэтыя словы ўжываюцца ў значэнні “маланка”, “маланка і гром”. Вярхоўны бог
старажытных славян Пярун, раз’язджаючы па небе, пасылае на зямлю маланкі, каб
знішчыць носьбітаў нячыстай сілы – чарцей і ведзьмаў. Таму тыя і хаваюцца пад
дахі, кідаюцца ў жытло людзей, уцякаючы ад пакарання. Такі прытулак злыя духі
знайшлі ў доме пана Скамарохі.
VI.
Работа над ідэйным зместам апавядання.
Настаўнік:
-Як
жыў пан Скамароха? Раскажыце пра яго нораў, лад жыцця, адносіны да падначаленых.
- А цяпер пазнаёмімся з незвычайным госцем,
які з’явіўся ў пакоі пана Скамарохі.
- Чаму пасланец Белай Сарокі прыляцеў
менавіта да Скамарохі і чым спакусіў яго?
-Каму здрадзілі пан Скамароха і іншыя паны і
што атрымалі за гэтую здраду? (Здрадзілі Беларусі, простым людзям, культуры
і звычаям. Атрымалі золата і багацце.)
-Якое зло пакінула Белая Сарока ў нашым
краі?
- Успомніце трывожныя сны панскіх лёкаяў.
Які прарочы сэнс яны маюць?.
- Што ў апавяданні рэальнае, а што
фантастычнае?
- Які абагульнены алегарычны змест заключаны
ў вобразе Белай Сарокі і яе спадкаемцаў? Вызначце ідэйны змест твора
VII.
Творчая работа.
Настаўнік:
Вам
неабходна было знайсці і растлумачыць сэнс наступных слоў.
Залеёва – лівень, моцны дождж;
Памысныя – патаемныя, запаветныя;
Чарнакніжнік – чараўнік, вядзьмак;
Абачлівы – стрыманы, разважлівы,
асцярожны;
Шайтан – д’ябал;
Цвінтар – мясцовасць каля царквы;
Перлы – каштоўныя ўпрыгожванні;
Віваты – праслаўленні, тосты;
Заломы ў жыце – зблытанае, паламанае
жыта, якое цяжка жаць.
VIII.Фізкультхвілінка
( зарадка для вачэй )
Настаўнік:
- Выцягніце правую руку ўперад,
падніміце ўверх перад сабой указальны палец, трымаючы яго на ўзроўні вачэй.
Глядзіце на кончык вашага пальца і паступова набліжайце яго да вачэй.
IX. Абагульненне і
сістэматызацыя ведаў. Падвядзенне вынікаў урока.
Настаўнік:
-У чым сутнасць здрады панства?
- Якое зло пакінула Сарока на нашай зямлі?
-Якую думку хоча данесці да чытача аўтар
апавядання?
Настаўнік:
-Кніга Я. Баршчэўскага напісана на польскай
мове, але яна адрасавана адукаваным землякам, якія не ведалі роднае мовы,
адцураліся ад яе. А адрокшыся ад свайго народа, чалавек не можа ведаць яго
традыцый, звычаяў, яго душу, не можа зразумець яго філасофію. Такія людзі з
пагардаю глядзяць на ўсё сваё, яны не ведаюць свайго і не прызнаюць за ім
ніякае вартасці. Я. Баршчэўскі сваім творам і сваёй творчасцю імкнуўся
пазнаёміць суайчыннікаў з уяўленнямі простага люду, філасофіяй яго паняццяў.
Народ, які стварыў такую высокамастацкую, паэтычную культуру, заслугоўвае
павагі.
-У чым выявіўся ўплыў рамантызму на творчасць
Я. Баршчэўскага?
Настаўнік:
-Трэба сказаць, што кніга Яна
Баршчэўскага зацікавіла нашага
знакамітага рэжысёра Віктара Турава. Ён зняў мастацкі фільм на беларусьфільме,
які называецца “Шляхціц Завальня”. Зараз вы можаце пабачыць некаторыя кадры з
гэтага фільма.(прагляд слайдаў)
X.
Рэфлексія.
Настаўнік:
-Што новага вы даведаліся на ўроку?
-Які настрой, якія эмоцыі выклікаў у вас
сённяшні ўрок? (вучні па ланцужку выбіраюць нумар карцінкі на слайдзе і называюць.)
XI.
Дамашняе заданне.
-
Падрыхтаваць паведамленне на тэму: “Значэнне творчасці Яна Баршчэўскага”.
Прачытаць паэму ”Тарас на Парнасе”.
Комментариев нет:
Отправить комментарий